Час кінуць выклік гендарным стэрэатыпам у краінах Усходняга партнёрства
Нягледзячы на прагрэс у напрамку гендарнай роўнасці, шкодныя стэрэатыпы па-ранейшаму фарміруюць паўсядзённае жыццё ў краінах Усходняга партнёрства: Арменіі, Азербайджане, Беларусі, Грузіі, Малдове і Украіне. У Базавым даследаванні гендарных нормаў і стэрэатыпаў у краінах Усходняга партнёрства 2022 года, якое правяла праграма ЕС-4 па гендарнай роўнасці, паказана, што ўкаранёныя стэрэатыпы працягваюць перашкаджаць прагрэсу. Мы папрасілі экспертаў з Арменіі, Азербайджана, Грузіі і Украіны разгледзіць найбольш распаўсюджаныя ў рэгіёне гендарныя стэрэатыпы, каб зразумець, як мы можам пабудаваць больш роўныя супольнасці для ўсіх.
Стэрэатып №1. «Жанчыны павінны засяродзіцца на сям’і, а не на кар’еры»
Базавае даследаванне паказвае, што стэрэатып пра «добрую маці» па-ранейшаму прымушае жанчын аддаваць перавагу дамашнім абавязкам, а не займацца развіццём кар’еры, асабліва ў першыя гады жыцця іх дзяцей.

«Такія чаканні грамадства абмяжоўваюць жанчын у працы, ускладаюць на іх большую частку неаплатнага догляду і дамашняй працы», — кажа аўтар «Кантрольнага Ацэньвання гендарных нормаў і стэрэатыпаў у краінах Усходняга партнёрства ЕС» у 2024 годзе Гілем Фартуні. «Дыскрымінацыйная практыка на працоўным месцы ўзмацняецца традыцыйнай культурай кампаніі, каштоўнасцямі лідарства і агульнай адсутнасцю прызнання жанчын як кіраўнікоў», — дадаў ён.
Сітуацыя пагаршаецца адсутнасцю бацькоўскага адпачынку, гнуткага бацькоўскага адпачынку і пагадненняў аб падзеле адпачынку па ўсім рэгіёне. Стэрэатып мужчыны як галоўнага карміцеля таксама спрыяе ўяўленню, што жанчына павінна быць дома.
Комплекснага падыходу патрабуе пераадоленне разрыву ў неаплачваемай дамашняй працы і працы па доглядзе паміж мужчынамі і жанчынамі. Па словах Сабіны Манафавай з Фонду ААН у галіне народанасельніцтва ў Азербайджане, збор дадзеных па гэтай праблеме вельмі важны. Такія дадзеныя могуць падкрэсліць значны ўклад, які жанчыны ўносяць, і так дапамагчы палітыкам зразумець маштаб праблемы і павысіць дасведчанасць грамадскасці пра яе ўплыў на фінансавую незалежнасць жанчын.
«Гэтыя дадзеныя маюць жыццёва важнае значэнне для распрацоўкі і рэалізацыі абгрунтаванай палітыкі, якая можа заахвоціць мужчын браць на сябе больш актыўную ролю ў доглядзе за дзецьмі і дамашнімі справамі; выхаваць культуру, у якой дамашнія справы разглядаюцца як агульны абавязак, а не выключна адказнасць жанчыны. Паралельна ўвядзенне сямейна-арыентаванай працоўнай палітыкі, такой як гнуткія ўмовы працы, змогуць дапамагчы як мужчынам, так і жанчынам лепш збалансаваць прафесійныя абавязкі і сямейныя справы, што паспрыяе сумеснаму ўзаемадзеянню. Уключэнне супольнасцяў з’яўляецца ключавым для садзейнічання культурным зменам. Нароўні з гэтымі намаганнямі важна запускаць адукацыйныя праграмы, накіраваныя на дзяржаўны і прыватны сектары», — адзначае Манафава.
Вынікі Кантрольнага Ацэньвання, што былі дасягнуты ў разбурэнні шкодных гендарных нормаў у тых супольнасцях, якія ўдзельнічалі ў Праграме ЕС-4 па гендарнай роўнасці, паказалі, што мэтанакіраваныя меры пачынаюць мець значэнне. Мужчыны, якія ў гэтым удзельнічалі, часцей падтрымліваюць сумесныя абавязкі па забеспячэнні сям’і: 57% у параўнанні з 39%, якія не ўдзельнічалі.
Аналагічна, маладыя людзі, якія падвяргаюцца гэтым мерам, больш схільныя верыць у раўнапраўнае прыняцце рашэнняў па штодзённых патрэбах: 84% падтрымліваюць гэтае меркаванне ў параўнанні з 64% сярод тых, хто не ўдзельнічаў.
Стэрэатып №2. «Жанчынам і дзяўчынкам няма месца ў STEM»

Украінскія навукоўцы на прэм’ерным паказе дакументальнага фільма «Жанчыны ў навуцы» аб украінскіх жанчынах у навуцы падчас поўнамаштабнага расійскага ўварвання. Фота: INSCIENCE
Гендарныя стэрэатыпы пранікаюць у адукацыйныя і прафесійныя сферы. Жанчыны ва Украіне ў сферах, дзе дамінуюць мужчыны — навуцы, тэхналогіях, інжынерыі і матэматыцы (STEM), паведамляюць, што стэрэатыпы і чаканні грамадства часта абмяжоўваюць іх доступ да гэтай кар’еры. Згодна з вынікамі наступнай ацэнкі, адсутнасць бачных прыкладаў для пераймання і прадузятасць у грамадстве перашкаджаюць дзяўчатам рабіць кар’еру ў галіне STEM.
«Многіх маладых жанчын ва Украіне і па ўсім рэгіёне адхіляюць ад сфер STEM проста таму, што грамадства не бачыць іх у такіх ролях», — кажа сузаснавальніца і партнёрка няўрадавай арганізацыі InScience Ганна Арэхава. Яна дадала, што гэты ціск можа быць дастаткова моцным, што прымушае таленавітых жанчын пакінуць гэтыя сферы ў пачатку сваёй кар’еры.
Стварэнне асяроддзя, якое падтрымлівае жанчын у STEM, патрабуе структурных змен. Ганна Арэхава лічыць, што рашэнне заключаецца ў стварэнні экасістэмы, якая ўключае адукацыйныя ўстановы, бізнес, грамадзянскую супольнасць, і такім чынам будзе прасоўваць гендарную роўнасць у STEM у розных сектарах.
«Медыйныя кампаніі з удзелам паспяховых жанчын-навукоўцаў таксама неабходныя для дэмантажу грамадскіх нормаў, якія прымушаюць мужчын засяроджвацца на кар’еры, а жанчын выконваюць дамашнія абавязкі і даглядаць за дзецьмі», — дадала яна.
Стэрэатып №3. «Гвалт можна апраўдаць»
Гвалт па гендарнай прыкмеце застаецца адным з найбольш распаўсюджаных парушэнняў правоў чалавека. Яго глыбокімі каранямі з’яўляюцца гендарная няроўнасць, дыскрымінацыя, шкодныя культурныя і сацыяльныя нормы. Па словах Ірыны Джафарыдзэ з ААН Жанчыны Грузіі, у некаторых грамадствах гвалт апраўдваецца, калі лічыцца, што жанчыны парушылі сацыяльныя нормы.

Навучальная паездка ў рамках праграмы «ЕС 4 Гендарная роўнасць: Разам супраць гендарных стэрэатыпаў і гвалту на гендарнай глебе» ў Каледонскую сістэму, праграму па барацьбе з дамашнім гвалтам у Шатландыі. Мэта паездкі —скіраваць будучую рэалізацыю ініцыятыў па прадухіленні гвалту ў краінах Усходняга партнёрства. Верасень 2022 года. Фота: EU 4 Gender Equality
Мясцовыя праваабаронцы і арганізацыі грамадзянскай супольнасці паказалі, што талерантнасць да гвалту ў грамадстве застаецца высокай. Яны падкрэслілі неабходнасць правядзення інфармацыйных кампаній, узмацнення інстытуцыйнай падтрымкі і адукацыйных ініцыятыў, пачынаючы з ранняга ўзросту і з удзелам вучняў, бацькоў і школ.
«Даследаванне 2022 года ў Грузіі паказала, што прыкладна чвэрць насельніцтва па-ранейшаму лічыць, што ў пэўных выпадках апраўдана, каб муж біў жонку», — кажа Ірына Джафарыдзэ.
Яшчэ адна істотная праблема заключаецца ў тым, што ахвярам гвалту часта цяжка расказаць пра тое, што яны перажылі.
«Да 40% жанчын у Грузіі, якія перажылі гвалт, ніколі не паведамлялі пра гэта, часам нават сям’і або сябрам. Яны баяцца, што ім не павераць, або, што яшчэ горш, што іх будзе асуджаць грамадства», — патлумачыла Джафарыдзэ. Гэта стыгма ў спалучэнні з ціскам грамадства часта прымушае жанчын адклікаць свае скаргі, нават калі яны звяртаюцца ў праваахоўныя органы.
Каб справіцца з гэтымі глыбока ўкаранелымі перакананнямі, Ірына Джафарыдзэ падкрэслівае, што ёсць неабходнасць «цэласнага падыходу», які разглядае праблему на розных узроўнях. Палітыка і заканадаўства павінны ўлічваць гендарную тэматыку, а ўстановы, адказныя за выкананне гэтых законаў — такія як праваахоўныя органы, медыцынскія работнікі і сацыяльныя службы — павінны быць лепш падрыхтаваны для падтрымкі тых, хто выжыў.
Мэтанакіраваныя меры ўнеслі паспяховы ўклад у ўспрыманне гендарнай роўнасці і сацыяльных норм сярод медыцынскіх работнікаў, згодна з Кантрольным Ацэньваннем.
Стэрэатып №4. «Сексуальная адукацыя бескарысная»

Адукацыйнае мерапрыемства для моладзі, прысвечанае гендарным стэрэатыпам і гендарнаму гвалту, у Стэфан Водэ, Малдова. Фота: EU4GE Moldova/Artur Lupu
Сексуальнае выхаванне адыгрывае вырашальную ролю ў фарміраванні здаровага стаўлення да адносін, полу і згоды, аднак у многіх грамадствах яно застаецца недаацэненым. Па словах кіраўніка няўрадавай арганізацыі «Післязаўтра» ва Украіне Ірыны Рубіс, недастатковая адукацыя па пытаннях гендару і сексуальнасці з’яўляецца істотным фактарам развіцця стэрэатыпаў.
«Калі мы пытаемся ў падлеткаў і дарослых пра крыніцы гендарнай прадузятасці, яны паслядоўна ўказваюць на адсутнасць адукацыі па гэтых тэмах як на адну з ключавых прычын. Усебаковая сексуальная адукацыя разбурае шкодныя міфы і стэрэатыпы, звязаныя з сексуальнасцю, целам і гендарнымі ролямі. Калі мы даём дакладную інфармацыю і заахвочваем да адкрытага дыялогу ў сексуальнай адукацыі, мы не толькі падтрымліваем гендарную роўнасць, зніжаем гвалт і дыскрымінацыю па прыкмеце полу, але і павышаем агульную талерантнасць і спрыяем фарміраванню справядлівага грамадства», — кажа Рубіс.
Розныя даследаванні, такія як даследаванне Еўрапейскага парламента аб важнасці ўсебаковага сексуальнага выхавання, пацвярджаюць, што комплекснае сексуальнае выхаванне мае важнае значэнне для дасягнення гендарнай роўнасці і прадухілення гендарнага гвалту.
«Гэта дае людзям магчымасць не толькі кінуць выклік традыцыйным стэрэатыпам, але і стаць саюзнікамі, узмацняючы галасы меншасцей», — дадае Рубіс.
Стэрэатып №5. «Жанчынам з інваліднасцю не месца на працы»
Жанчыны з інваліднасцю па-ранейшаму сутыкаюцца са значнымі перашкодамі ў доступе да прафесійных магчымасцей. Большасць жанчын з інваліднасцю ў краінах Усходняга партнёрства высока цэняць удзел у рынку працы. Аднак дыскусіі ў фокус-групах пацвердзілі, што яны сутыкаюцца з дыскрымінацыяй з боку наймальнікаў, што ўскладняе пошук працы з добрай зарплатай. Акрамя таго, адсутнасць якаснай інклюзіўнай адукацыі, а таксама фізічныя, інфармацыйныя і камунікацыйныя бар’еры ў школах і ўніверсітэтах яшчэ больш абмяжоўваюць іх магчымасці. Так яны пакідаюць многіх жанчын без неабходнай кваліфікацыі для працаўладкавання.

«Жанчыны з інваліднасцю сутыкаюцца са стэрэатыпамі і як жанчыны, і як асобы з інваліднасцю. Грамадства разглядае іх як асоб, якія павінны даглядаць за дамашнім побытам, і як асоб, якія маюць патрэбу ў клопаце. Гэта стварае амаль непераадольны бар’ер», — кажа кіраўніца праекта «Агат» праваабарончай арганізацыі для жанчын з інваліднасцю Гаянэ Грыгаран.
Грыгаран тлумачыць, што ў Арменіі навучальным установам часта не хапае неабходных рэсурсаў для прыёму студэнтаў з рознымі тыпамі інваліднасці, а чаканні грамадства яшчэ больш адбіваюць іх ад атрымання вышэйшай адукацыі. «Сапраўдныя змены адбываюцца, калі мы кідаем выклік стэрэатыпам і ствараем асяроддзе, якое падтрымлівае патэнцыял кожнага», — дадае яна.
Пашырэнне магчымасцяў змен праз дзеянні
Шлях да гендарнай роўнасці ў краінах Усходняга партнёрства складаны, але прагрэс магчымы праз бесперапынную адукацыю, прапаганду і выклік глыбока ўкаранелым стэрэатыпам. Мы можам стварыць грамадства, у якім рэалізаваны патэнцыял кожнага, а для гэтага трэба пашыраць магчымасці людзей для перагляду састарэлых норм і спрыяць роўным магчымасцям для ўсіх — на працоўным месцы, у адукацыі або дома.
Аўтар: Вольга Кансевіч
Артыкул апублікаваў на ўкраінскай мове на сайце Tsn.ua
САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ
[popular_posts columns_xl=”4″ columns_l=”4″ columns_m=”3″]