Гісторыі, расказаныя праз вышыўку: беларускі нацыянальны код
Руфіна Базлова і Сафія Такар – мастачка і куратарка, якія звязваюць свае асабістыя шляхі з агульнай страсцю да мастацтва, актывізму і культурнай спадчыны. Іх праект #FramedinBelarus атрымаў падтрымку ад фінансаванага Еўрапейскім Саюзам праекта EU4Culture.
Руфіна Базлова, родам з Беларусі, жыве ў Чэхіі ўжо 17 гадоў. Яе творчы шлях пачаўся яшчэ ў дзяцінстве і займеў працяг праз фармальную адукацыю ў галіне мастацтва. Яна скончыла навучанне па спецыяльнасцях “Ілюстрацыя” і “Скульптура”, а затым працягнула адукацыю ў Акадэміі выканальніцкіх мастацтваў у Празе, з фокусам на лялечным тэатры і сцэнаграфіі. Захапленне вышыўкай крыжыкам пачалося ў 2010–2012 гадах падчас яе навучання ў Сутнарцы (Факультэт дызайну і мастацтва Ладзіслава Сутнара пры Універсітэце Заходняй Багеміі). Натхнёная беларускімі і славянскімі арнаментамі, Руфіна пачала даследаваць гэты традыцыйны від мастацтва. Пасля перыяду працы ў тэатры і лялечным мастацтве Базлова вярнулася да вышыўкі крыжыкам у 2020 годзе, выкарыстоўваючы традыцыйны нацыянальны код як медыум для расповеду пра сучасную гісторыю Беларусі.

Сафія Такар паходзіць з Рэспублікі Малдова, але ўжо шмат гадоў жыве ў Празе. Яна пераехала туды вывучаць гісторыю мастацтва, якая стала асновай яе прафесійнай кар’еры. Цікаўнасць да вышыўкі і яе ролі ў сучасным мастацтве прывяла Сафію да напісання магістарскай дысертацыі на гэтую тэму, падчас якой яна адкрыла для сябе творчасць Руфіны Базловай. Гэта адкрыццё стала пачаткам іх супрацы. На працягу многіх гадоў Такар ладзіла мастацкія рэзідэнцыі і курыравала выставы, шмат з якіх былі прысвечаны Усходняй Еўропе і даследавалі такія тэмы, як сацыяльна ангажаванае мастацтва, рамесны і мастацкі актывізм – усе гэтыя аспекты знайшлі адлюстраванне ў праекце #FramedinBelarus.
Гісторыя супрацы Руфіны Базловай і Сафіі Такар / Stitchit & Collective
Руфіна: З самага пачатку я засяродзілася на стварэнні серыі «Выжыванка» — мастацкіх работ, што дакументавалі пратэсты ў Беларусі. Я стварала гэтыя працы і дзялілася імі ў інтэрнэце, дзе яны хутка набылі папулярнасць. Людзі пачалі пытацца, ці можна вышываць гэтыя ўзоры на сваёй вопратцы ці асабістых рэчах, жадаючы такім чынам далучыцца да маёй творчасці і дадаць свой унёсак.
У 2021 годзе, калі масавыя пратэсты пачалі змяншацца, увага перайшла да палітычных зняволеных — важнай праблемы, што патрабавала дадатковага асвятлення. Гэтак з’явілася ідэя праекта #FramedinBelarus, каб прыцягнуць увагу да палітзняволеных. Спачатку гэта падавалася складаным, бо гаворка ішла пра сотні людзей. Аднак я зразумела, што ўнёсак іншых можа істотна змяніць сітуацыю. Тады я запрасіла Сафію далучыцца. Пазней да праекта прыядналіся яшчэ людзі з рознай ступенню ўцягнутасці, каб дапамагчы з яго рэалізацыяй.
За час праекта мы правялі 19 выстаў і атрымалі больш за 600 вышывак ад удзельніц. Агулам на дадзены момант колькасць удзельніц складае больш за 700 чалавек з 41 краіны. Мы таксама правялі 40 майстар-класаў у супрацы з культурнымі і праваабарончымі арганізацыямі, аб’ядноўваючы розных людзей і ствараючы прастору для дыскусій або нават дзеля таго, каб быць разам.
Сафія: Я заўсёды цікавілася вышыўкай Руфіны, асабліва таму, што я пісала сваю магістарскую дысертацыю пра вышыўку ў сучасным мастацтве.
Мяне прывабіў гэты праект тым, як ён уцягвае людзей у практычны працэс, а не проста ў фармаце чытання альбо распаўсюду матэрыялаў у інтэрнэце. У сучасным хуткасным свеце мы часцяком перастаём клапаціцца або чытаць, калі адчуваем сябе перагружанымі. Але калі людзі робяць нешта фізічна, як у выпадку вышыўкі, гэта стварае глыбейшую сувязь. Гаворка ідзе пра стварэнне нябачнай сеткі людзей, якім гэта сапраўды важна.
Калі мы пачыналі, мы не былі ўпэўненыя, ці атрымаецца зрабіць вялікі вышывальны праект праз час і высілкі, якія ён патрабуе. Але гэты праект аб’яднаў людзей з Беларусі, якія разумеюць яго значнасць, і людзей з такіх месцаў, як ЗША або Японія, якія могуць быць далёка ад гэтых падзей, але цяпер сталі часткай гэтай гісторыі. Гэта цудоўны прыклад таго, як мастацтва можа злучаць розныя перспектывы.
Падтрымка Еўрапейскага Саюза праз праект EU4Culture
Руфіна: Мы атрымалі грант EU4Culture у ліпені 2023 года, які пакрыў паўгода нашай працы. Гэтая падтрымка дапамагла нам развіць новыя навыкі, асабліва ў стварэнні вэб-сайта і структураванні праекта. Мы засяродзіліся на злучэнні розных элементаў праекта і ўпэўніліся, што ўсё працуе зладжана.
Сафія: Асабліва эфектыўнай гэтая падтрымка стала таму, што яна дазволіла нам засяродзіцца на ўсіх частках праекта. Праект даволі шматслойны — майстар-класы, кіраванне задачамі або проста адсочванне яго прагрэсу. З абмежаванымі рэсурсамі мы звычайна можам сфакусавацца толькі на адной або дзвюх сферах, напрыклад, на стварэнні вэб-сайта ці прасоўванні нашай працы. Таму гэтая падтрымка дала нам час і магчымасць развіваць усе аспекты праекта і ўпэўніцца, што ўсё складваецца ў адзінае цэлае.
Руфіна: Падтрымка ад EU4Culture дазволіла нам сканцэнтравацца на праекце, арганізаваць яго і рухаць надалей. Для нас такая падтрымка мае жыццёва важнае значэнне, бо яна гарантуе, што мы можам працягваць сваю працу без спыненняў ці затрымак праз абмежаваныя рэсурсы.

Вышыўка як нетрадыцыйны інструмент палітычнага пратэсту
Сафія: Вышыўка часта ўспрымаецца як нешта традыцыйнае, звязанае з заняткамі, якія мы засвоілі ад нашых бабуль, як штосьці жаночае і не ўспрымаецца сур’ёзна ў мастацкім свеце або палітычных дыскусіях. Але з дапамогай такіх праектаў, як наш, а таксама іншых з фокусам на тэкстылі і рукадзейнасці, мы паказваем, што гэта інструмент для палітычных зменаў і спосаб гаворкі пра несправядлівасць. Такія праекты могуць не прыносіць зменаў самі па сабе, але ў спалучэнні з іншымі інструментамі яны здольныя стварыць змены. Гэта спосаб, як мы можам камунікаваць з людзьмі, паказваць наша бачанне і крок за крокам нешта змяняць, бо гэта заўсёды вельмі доўгі працэс.
Руфіна: Я б дадала, што ў вышыўцы ёсць медытатыўны аспект. У сённяшнім свеце, калі людзі часта адчуваюць перагруз ад навін і падзей навакол, гэтая тэхніка можа дапамагчы заставацца сабранымі і засяроджанымі.
Моц мастацтва змяняць грамадства: Ars longa, vita brevis (Мастацтва вечнае, жыццё кароткае)
Руфіна: Я веру, што мастацтва можа змяняць грамадства. Інакш я б не займалася гэтай справай. Нават калі я адчуваю стомленасць ці перагружанасць, мне надае сіла думка пра тое, што ёсць людзі, якіх натхняе тое, што мы робім.

Сафія: Я думаю, што гэты лацінскі афарызм («Мастацтва вечнае, жыццё кароткае») сапраўды адлюстроўвае наш праект, бо мы ўжо стварылі вялікі архіў з больш ў 600 вышыўкамі. Гэта адкрытае пытанне: што мы будзем рабіць з гэтым далей? І яшчэ адно пытанне — калі нам варта спыніцца? Мы адлюстроўваем палітычныя падзеі, якія вельмі непрадказальныя.
На дадзены момант мы будуем гэты архіў і разважаем, дзе яго можна было б урэшце экспанаваць. Пытанне ў тым, ці дастаткова ў нас ужо матэрыялу для музея і дзе яго адкрыць? Цяпер усё захоўваецца ў майстэрні Руфіны, але, здаецца, застанецца там яшчэ на некаторы час.
Аўтарка: Эліна Валайтэ / EU4Culture
Фатаздымкі з майстар-класа па вышыўцы і адкрыцця выставы «Intervowen Spaces» у межах праекта #FramedinBelarus Руфіны Базловай / Stitchit & Collective у Місіі дэмакратычнай Беларусі. Гэтыя падзеі адбыліся ў межах Дзён Беларусі, якія прайшлі ў Бруселі ў снежні 2024 года.
© Cédric Puisney Photography / EU4Culture.
Дні Беларусі адбыліся ў Бруселі з 9 па 13 снежня 2024 года. Серыя падзей, арганізаваная Еўрапейскай службай знешніх дзеянняў, Еўрапейскай камісіяй і Еўрапейскім парламентам, прадэманстравала салідарнасць Еўрапейскага Саюза і пастаянную падтрымку беларускага грамадзянскага грамадства і незалежнай культуры.
Фінансаваны Еўрапейскім Саюзам праект EU4Culture падтрымліваў беларускіх грамадзян:ак і грамадзянскую супольнасць, умацоўваючы іх устойлівасць і спрыяючы сацыяльнаму развіццю ў складаныя часы праз схемы грантаў на падтрымку мабільнасці, культурніцкіх і крос-інавацыйных праектаў.
САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ
[popular_posts columns_xl=”4″ columns_l=”4″ columns_m=”3″]

