Перайсці да асноўнага зместу
Як захаваць журналістыку ў лічбавую эпоху: інтэрв’ю з эксперткай па TikTok Эрыкай Марцана
[featured_image_copyright]
17 сакавіка, 2025

Як захаваць журналістыку ў лічбавую эпоху: інтэрв’ю з эксперткай па TikTok Эрыкай Марцана


Журналістыка ў сацыяльных сетках імкліва развіваецца, і журналістам неабходна дадпасоўвацца да новых тэндэнцыяў. TikTok, як і ўсе сацыяльныя платформы, трымаецца на інтэрактыўнасці У адрозненне ад традыцыйных СМІ, дзе кантэнт проста транслюецца, на такіх платформах, як TikTok, неабходны актыўны ўдзел аўдыторыі і ўменне яе слухаць. Калі журналісты і медыяарганізацыі не будуць адаптавацца пад гэтыя змены, яны рызыкуюць стаць неактуальнымі. Спосабы падачы навінаў змяняюцца, і разам з імі мусіць мяняцца і падыход да ўзаемадзеяння з аўдыторыяй.

Эрыка Марцана — журналістка, якая займаецца развіццём аўдыторыі ў Deutsche Welle. Яе спецыялізацыя — журналістыка ў сацыяльных сетках, і гэты накірунак яна засвоіла праз практычны досвед, а не праз фармальную адукацыю. Эрыка правяла шмат навучальных трэнінгаў для розных арганізацый — ад прыватных кампаній да ўніверсітэтаў, а таксама займалася падрыхтоўкай журналістаў і арганізацый, якія падтрымліваюць развіццё медыя. Апошнія ментарскія сесіі Эрыкі былі прысвечаныя журналістам з Грузіі і Беларусі ў межах праекту EU4IM (EU4IndependentMedia).

Традыцыйнае мысленне ўсё яшчэ пераважае

Калі я працавала з грузінскімі журналістамі, я заўважыла, што многія з іх па-ранейшаму прытрымліваюцца традыцыйнага падыходу да журналістыкі, арыентуючыся на тэлебачанне. Яны робяць стаўку на класічныя СМІ — тэлебачанне, друкаваныя СМІ і радыё, бо гэтыя медыя па-ранейшаму ахопліваюць пэўную частку аўдыторыі. Аднак маладзейшае пакаленне амаль не спажывае інфармацыю праз гэтыя каналы, і менавіта тут узнікае асноўная праблема.

Акрамя таго, многія разглядалі тэлебачанне і лічбавую журналістыку як два розныя светы, пры гэтым сайты тэлеканалаў часта ўспрымаліся хутчэй як дадатак да тэлевізійнага кантэнту, а не як самастойныя лічбавыя платформы. Таму, калі ім давялося пераключыцца на кароткія вертыкальныя відэа, сам фармат стаў для іх сур’ёзным выпрабаваннем.

Спачатку яны вялі свой TikTok і падобныя платформы вельмі простым спосабам — перапрацоўвалі свой тэлевізійны кантэнт, бяручы гатовыя тэлерэпартажы і проста публікуючы іх без зменаў. Гэты метад мог працаваць у іншых сацыяльных сетках, але не ў фармаце кароткіх вертыкальных відэа. Аднак, калі яны пачалі ствараць кантэнт адмыслова для TikTok, адбылася змена не толькі ў плане ўзаемадзеяння з аўдыторыяй, але і ў падыходзе да сторытэлінга.

Відавочны факт: кароткія вертыкальныя відэа не з’яўляюцца эксклюзіўным фарматам TikTok, яны лёгка адаптуюцца да большасці як традыцыйных, так і новых сацыяльных сетак. Як толькі журналісты прынялі гэтую канцэпцыю, яны заўважылі не толькі рост цікавасці з боку аўдыторыі, але і (што больш важна) фундаментальныя змены ў сваім стаўленні да лічбавай журналістыкі.

Недахоп інструментаў для розных моваў

Адной з самых сур’ёзных перашкод для грузінскіх журналістаў з’яўляецца мантаж відэа. У большасці сацыяльных сетак гэты працэс адбываецца на мабільных прыладах, часта з выкарыстаннем аўтаматычнай транскрыбацыі відэа. Аднак падтрымка грузінскай мовы ў многіх сацыяльных сетках амаль адсутнічае. Большасць вядучых платформаў для мантажу з цяжкасцю распазнаюць структуру грузінскіх сказаў, што робіць аўтаматычныя субцітры ненадзейнымі.

З майго досведу, для многіх моў мантажныя інструменты лёгка вызначаюць сканчэнне сказаў і адпаведна карэктуюць мантаж. Аднак у выпадку з грузінскай мовай гэта так не працуе. Недахоп тэхнічных інструментаў часткова тлумачыць, чаму многія грузінскія журналісты спачатку рабілі стаўку на перапрацоўку тэлевізійнага кантэнту замест стварэння арыгінальнага відэа для такіх платформаў, як TikTok. Яны проста не мелі лічбавай інфраструктуры, якая палягчала б гэты працэс.

Сацыяльныя сеткі — гэта не проста дадатак

Кантэнт для сацыяльных сетак патрабуе асобнай увагі. Нельга проста сказаць аднаму журналісту: «Акрамя тваёй асноўнай працы, ты яшчэ будзеш займацца сацыяльнымі сеткамі». Гэта так не працуе. Журналістыкай ў сацыяльных сетках павінна займацца асобная каманда, нават калі яна складаецца ўсяго з двух-трох чалавек, якія могуць цалкам канцэнтравацца на стварэнні, адаптацыі і публікацыі лічбавага кантэнту для інтэрнэт-аудыторыі.

На жаль, не існуе ўніверсальнай формулы поспеху ў журналістыцы ў сацыяльных сетках. У адрозненні ад традыцыйных СМІ, дзе паводзіны аўдыторыі больш прадказальныя, метрыкі ў сацыяльных сетках залежаць ад алгарытмаў, якія кантралююцца карпарацыямі. Як журналісты, мы не вызначаем ключавыя паказчыкі эфектыўнасці (KPI) і не можам наўпроастава ўплываць на тое, як платформы распаўсюджваюць кантэнт. Поспех у сацыяльных сетках дасягаецца праз пастаяннае эксперыментаванне.

Дагрукацца да аўдыторыі — галоўны выклік для медыя ў выгнанні

Для незалежных беларускіх СМІ самая вялікая перашкода — праца ў выгнанні. Амаль усе беларускія журналісты сёння вымушаныя дзейнічаць за межамі сваёй краіны. Гэта стварае сур’ёзныя цяжкасці, бо алгарытмы сацыяльных сетак арыентуюцца на месцапалажэнне карыстальніка і распаўсюджваюць яго кантэнт у краіне, дзе ён фізічна знаходзіцца. Калі журналісты працуюць у выгнанні, іх кантэнт з большай верагоднасцю дасягне аўдыторыі ў краіне месцапалажэння журналістаў, а не карыстальнікаў у Беларусі. Гэта ўскладняе ўзаемадзеянне з людзьмі, якім інфармацыя патрэбная найбольш.

Спробы дасягнуць аўдыторыі ў Беларусі, працуючы за мяжой, прывялі да дыскусій пра альтэрнатыўныя стратэгіі: выкарыстанне старога кантэнту, адаптацыю SEO-метадаў і маніторынг трэндавых ключавых слоў. Асобную ўвагу мы надалі інструменту Ezio для аптымізацыі пошуку і аналізу запытаў. Мы вывучалі, як знаходзіць папулярныя ключавыя словы і сачыць за тэндэнцыямі беларускага TikTok, нягледзячы на фізічную адсутнасць у краіне.

Паколькі журналісты ў выгнанні не могуць фізічна назіраць за тым, што бачыць іх аўдыторыя ў Беларусі, яны мусяць знаходзіць альтэрнатыўныя спосабы доступу да інфармацыйных тэндэнцый. Гэта патрабуе поўнага пераасэнсавання стратэгій распаўсюду кантэнту.

Гэты працэс аказаўся надзвычай цікавым: эксперыменты з рознымі інструментамі, пошук абыходных шляхоў і распрацоўванне новых падыходаў, якія дазваляюць журналістам заставацца на сувязі са сваёй аўдыторыяй, нягледзячы на перашкоды. Гэта яшчэ раз пацвердзіла, што ў лічбавую эпоху журналістыка патрабуе пастаяннай адаптацыі і інавацый.

Пераадоленне абмежаванняў на публікацыі ў сацыяльных сетках

Адзін з найвялікшых выклікаў, з якім я сутыкнулася ў Грузіі, адбыўся падчас выбараў і пратэстаў пасля іх. Мадэрацыя кантэнту на сацыяльных платформах імкліва стала сур’ёзнай праблемай. Сацыяльныя сеткі маюць непразрыстыя правілы — няма дакладных інструкцый наконт таго, які менавіта кантэнт можа быць заблакаваны або выдалены. Няма канкрэтнага спісу патрабаванняў кшталту: «Не публікуйце А, B або C, і ўсё будзе добра».Замест гэтага журналісты пастаянна ходзяць па тонкай мяжы, не ведаючы, ці будзе іх публікацыя выдаленая, ці патрапяць іх акаўнты пад блакіроўку ці ўвогуле знікнуць без усялякіх тлумачэнняў.

Гэтая нявызначанасць стварае адчувальны ціск. Журналісты імкнуцца дзяліцца важнай інфармацыяй, але разумеюць, што ёсць рызыка блакіроўкі акаўнта, а гэта можа знішчыць усю зробленую працу. Гэта выматываючы выклік, але ён прымушае журналістаў шукаць творчыя падыходы да працы.

Асабліва гэтыя праблемы абвастраюцца ў крызісных сітуацыях, але нават у штодзённай працы журналісты павінны пастаянна балансавацуь паміж зменлівымі правіламі лічбавых платформаў і інфармаванні аўдыторыі. Гэта пастаянны пошук балансу, але менавіта ён умацоўвае нашу здольнасць адаптавацца і знаходзіць новыя шляхі для захавання журналістыкі ў лічбавую эпоху.

Галоўны сакрэт TikTok

Журналісты, якія толькі пачынаюць ствараць кантэнт для TikTok, адкрываюць для сябе са здзіўленнем тое, наколькі нефармальнай і жывой можа быць платформа. Многія спачатку сумняваліся і лічылі, што ім патрэбныя прафесійныя студыйныя ўмовы — зялёны экран, дарагое абсталяванне або нават цэлая каманда для вытворчасці кантэнту. Я часта чула: «Мне трэба спытаць у калег, мне трэба пазычыць, мне трэба купіць новае абсталяванне». Але мой адказ заўсёды быў аднолькавым: «Вам гэта насамрэч не трэба».

Так, важна публікаваць кантэнт часцей, бо, як сам TikTok пацвердзіў, колькасць відэа ўплывае на колькасць іх праглядаў. У традыцыйнай журналістыцы мы звыкліся да прынцыпу «якасць важней за колькасць», але ў TikTok правіла супрацьлеглае – больш значыць лепш. Алгарытм аддае перавагу частым публікацыям, але гэта не азначае, што яны павінны быць ідэальнымі. Няма патрэбы ў складаным планаванні ці доўгай апрацоўцы відэа. Мантаж? Робім хутка.

Лепшы падыход – быць аўтэнтычным і сапраўдным. Проста вазьміце тэлефон, здыміце сябе і выкладвайце. Усё. Аўдыторыя, асабліва моладзь, цэніць інфармацыю, якая падаецца жыва, ад першай асобы, без афіцыйнай адшліфаванай карпаратыўнай падачы.

Для таго, каб журналісты лепей зразумелі гэты падыход, я паказала ім прыклады традыцыйных СМІ, якія паспяхова адаптаваліся да TikTok. Калі яны ўбачылі, як нават буйныя навінавыя арганізацыі выкарыстоўваюць такі нефармальны блогерскі стыль, пры гэтым захоўваючы журналісцкую дакладнасць, многія прызналі: «О, гэта выглядае класна! Я б і не здагадалася, што гэта навіны, калі б не лагатып».

І вось у гэтым выклік: знаходзіць баланс паміж журналістыкай і блогерствам, не страчваючы даверу і этычных стандартаў.

Гэта глабальная тэндэнцыя. Паводле апошняй справаздачы Digital News Report ад Reuters Institute, усё больш людзей атрымлівае навіны праз сацыяльныя сеткі, і ўсё часцей праз незалежных блогераў, а не традыцыйныя СМІ. Таму задача відавочная: калі журналісты хочуць заставацца актуальнымі, яны павінны авалодаць мовай і прыёмамі блогераў, пры гэтым захоўваючы этыку прафесіі.

Галоўная выснова? Не канцэнтруйцеся на дасканаласці. Проста будзьце сапраўднымі. Будзьце сабой. Менавіта гэта сёння найбольш адгукаецца ў аўдыторыі.

Самае частае пытанне

Адно з самых частых пытанняў, якое мне задаюць, — гэта манетызацыя TikTok. Фінансаванне заўсёды застаецца вострай праблемай у медыя, асабліва ў сацыяльных сетках. Стваральнікі кантэнту і незалежныя арганізацыі часам могуць выкарыстоўваць манетызацыйныя функцыі на такіх платформах, як YouTube або Facebook. Але TikTok, на жаль, не дае магчымасці манетызацыі для арганізацый, толькі для індывідуальных стваральнікаў кантэнту.

Гэта прывяло да цікавай дыскусіі: як медыя могуць эфектыўна прысутнічаць на платформе і адначасова ствараць магчымасці для журналістаў зарабляць на сваёй працы? Адзін з падыходаў — гэта весці афіцыйныя акаўнты арганізацыі, але паралельна заахвочваць журналістаў ствараць уласныя асабістыя акаўнты, якія можна манетызаваць. Для мяне гэты персаналізаваны падыход да стварэння кантэнту быў вельмі цікавым для аналізу. Асабліва таму, што, працуючы ў дзяржаўных СМІ, мне раней не даводзілася думаць пра стратэгіі манетызацыі. У грамадскім вяшчанні фінансаванне арганізавана інакш, таму для мяне было сапраўды карысна паглядзець на гэтую праблему вачыма незалежных журналістаў.

Танна, дэмакратычна і без адказнасці

TikTok «дэмакратызаваў» інфармацыю, і гэта мае як плюсы, так і мінусы. З аднаго боку, дэзінфармацыя распаўсюджваецца вельмі хутка, бо любы чалавек можа зняць і апублікаваць відэа, якое набярэ мільёны праглядаў без рэдакцыйнага кантролю. Не патрэбна дарагая тэхніка або прафесійная каманда. Але з іншага боку, TikTok даў магчымасць весці рэпартажы ў рэжыме рэальнага часу тым, хто знаходзіцца непасрэдна ў эпіцэнтры падзей.

На пачатку вайны ва Украіне моладзь, якая раней вяла б’юці-блогі, раптам пачала дакументаваць сваё жыццё ў сховішчах. Яны па-ранейшаму здымалі відэа ў фармаце «як апрануцца/як нафарбавацца», але цяпер ужо ва ўмовах вайны. Іх сведчанні пра эвакуацыю і жыццё ў ваенных рэаліях адкрылі свету новы спосаб убачыць гэтыя падзеі.

Часта кажуць, што сацыяльныя сеткі сталі сучаснай пляцоўкай для абмеркавання падзей, але ў той жа час расце фрагментацыя. Было шмат размоў пра магчымую забарону TikTok. І тут узнікае пытанне: калі платформа знікне, што стане з аўдыторыяй? Ці перамесцяцца карыстальнікі на іншыя платформы, або сам фармат навінаў зменіцца? Адназначнага адказу няма.

Безумоўна, я разумею ўсе праблемы гэтых платформаў, асабліва калі гаворка ідзе пра прыватнасць дадзеных і рэгуляванне, што актыўна абмяркоўваецца ў Еўракамісіі. Але журналісты мусяць працаваць з гэтымі платформамі, каб дасягаць сваёй аўдыторыі. Мы не можам загадваць людзям, дзе спажываць навіны, мы павінны адаптавацца і сустракаць іх там, дзе яны ўжо ёсць. Калі платформа будзе забароненая, аўдыторыя не знікне — яна проста перамесціцца. А наша задача — зразумець, як адсочваць і адаптавацца да гэтых зменаў.

TikTok па ўсім свеце

Дэмаграфія карыстальнікаў TikTok змяняецца. У Еўропе цяпер найбольшую групу карыстальнікаў складаюць людзі ва ўзросце ад 24 да 35 гадоў. Гэта тыя ж самыя людзі, якія былі падлеткамі, калі TikTok набіраў папулярнасць у 2019–2020 гадах. У краінах Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі аўдыторыя TikTok заўсёды была крыху старэйшай і часткова перасякалася з карыстальнікамі Instagram.

Але ў такіх краінах як Пакістан, Інданезія і Бангладэш TikTok па-ранейшаму застаецца папулярным сярод маладзейшай аўдыторыі. Гэтая разнастайнасць узростаў уплывае на тое, як павінен выглядаць кантэнт. Тое, што працуе для аўдыторыі 14-гадовых, будзе выглядаць інакш, калі мы хочам данесці тую ж навіну 18-гадовым або 30-гадовым.

Выкарыстанне TikTok не толькі для дыстрыбуцыі кантэнта

Многія грузінскія і беларускія журналісты, якія былі на маіх трэнінгах, знайшлі для сябе новае прымяненне TikTok — не толькі як платформу для распаўсюджвання кантэнту, але і як інструмент для даследавання. Замест таго, каб проста загружаць свае матэрыялы, яны выкарыстоўваюць TikTok для пошуку тэм і распрацоўкі гісторый.

Адзін беларускі журналіст распавёў мне, што рэгулярна карыстаецца функцыяй пошуку ў TikTok, каб знаходзіць новыя ідэі для матэрыялаў. Гэта падкрэслівае важную змену ў разуменні сацыяльных сетак — яны ператварыліся не толькі ў сродак для публікацый, але і ў прастору для адкрыццяў і ўзаемадзеяння з аўдыторыяй.

Аўтар: Зоя Чарльз



САМЫЯ ЧЫТАЕМЫЯ

[popular_posts columns_xl=”4″ columns_l=”4″ columns_m=”3″]


[related_news]
[yea_euprojectshortlist]

ПА ТЭМЕ

[posts_by_post_tax]

Цікавіцеся апошнімі навінамі і магчымасцямі?

Гэты вэб-сайт адмініструецца фінансаванай праз ЕС Рэгіянальнай камунікацыйнай праграмай для Усходняга суседства ("УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС"). Праграма дапаўняе і падтрымлівае камунікацыйную працу Прадстаўніцтваў ЕС ва ўсходніх краінах-партнёрах і працуе пад кіраўніцтвам Генеральнага дырэктарата Еўрапейскай камісіі па пашырэнні і ўсходнім суседстве (DG ENEST)і Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. Праект "УСХОДНЯЕ СУСЕДСТВА ЕС" рэалізуюцца кансорцыумам пад кіраўніцтвам GOPA PACE.


Інфармацыя на гэтым сайце кіруецца Заявай аб абмежаванні адказнасці і Абаронай персанальных дадзеных. © European Union,